
Новости
«ПАЧУЦЬ ДУМКУ КОЖНАГА». Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Мамайка прапануе арганізаваць дыскусійную пляцоўку

Пра
гэта парламентарый расказаў рэдакцыі газеты, падводзячы вынікі сваёй нядаўняй
прамой тэлефоннай лініі ў Стоўбцах.
Акрамя тэлефанаванняў, адна з выбаршчыц
асабіста звярнулася да дэпутата.
– Усяго звярнуліся сем чалавек, усе – з
рознымі пытаннямі. Добрыя пачуцці выклікае тое, што былі закрануты не толькі
нейкія асабістыя турботы, але і грамадскія, якія хвалююць многіх жыхароў
Стаўбцоўшчыны, – падвёў вынік Іван Мамайка.
–
Якія з гэтых сітуацый патрабуюць мер рэагавання?
– Патрэбна рэагаваць на тое, каб
арганізаваць бяспечны дарожны рух у раёне СШ № 2 г. Стоўбцы. Паводле слоў грамадзяніна,
які звярнуўся, у вячэрні час там складваецца не зусім нармальная сітуацыя для
школьнікаў. Будзем разбірацца, высвятляць гэта пытанне з удзелам раённай
камісіі па бяспецы дарожнага руху.
Былі і іншыя звароты, якія патрабуюць змен
у заканадаўстве. Іх трэба асэнсаваць, абагуліць. У прыватнасці, тэлефанаваў
грамадзянін, які хоча атрымаць беларускае грамадзянства, але пры гэтым не
страціць грамадзянства Расійскай Федэрацыі, дзе ён, этнічны беларус, усё жыццё
працаваў. Ён слушна заўважае, што жывем мы ў Саюзнай дзяржаве, і заканадаўства
ў падобных выпадках павінна прадугледжваць магчымасць двайнога грамадзянства.
Дарэчы, гэта не першы такі зварот да мяне. Буду выкарыстоўваць сваё права
заканадаўчай ініцыятывы, каб унесці ў закон адпаведныя змяненні.
Таксама ўзнімаліся пытанні, якія звязаны з
будаўніцтвам жылля, добраўпарадкаваннем дарог.
–
Іван Андрэевіч, нельга абыйсці ўвагай будаўніцтва і ўладкаванне тых адносін,
якія склаліся сёння паміж дзяржавай і часткай «задаволеных» грамадзян.
– Праз газету я ўжо звяртаўся да
выбаршчыкаў. Мая пазіцыя нязменная: усе супярэчнасці і спрэчныя пытанні трэба
вырашаць у канструктыўным рэчышчы, шляхам дыялогу. З гэтай мэтай у кастрычніку
я планую зладзіць дыскусійную пляцоўку наконт змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі
Беларусь, якія паслужаць далейшаму развіццю нашай краіны.
Для мяне важна пачуць думку выбаршчыкаў,
каб на яе аснове выпрацаваць дэпутацкія прапановы. Яны, у сваю чаргу, будуць
разглядацца спецыяльнай камісіяй, выносіцца на абмеркаванне на Усебеларускі
народны сход, рэферэндум.
–
Як будзе праходзіць дыскусійная пляцоўка?
– Мяркую, што на ёй павінны быць
прадстаўлены шырокія слаі нашага грамадства, зацікаўленыя ў захаванні
суверэнітэту, незалежнасці Беларусі. Дыскусійная пляцоўка пройдзе ў Стоўбцах, а
менавіта ў цэнтры Стаўбцоўскай выбарчай акругі. А ўвогуле свае прапановы па
змяненні заканадаўства, Канстытуцыі можна накіроўваць у пісьмовай форме мне або
майму памочніку.
–
На цяперашні момант у некаторых акругах распачата кампанія адклікання дэпутатаў
парламента, і ў якасці асноўнай прычыны называецца страта сувязі са сваімі
выбаршчыкамі. Што вы можаце сказаць наконт гэтага?
– Сувязь дэпутата са сваімі выбаршчыкамі –
абавязковая ўмова яго дзейнасці. Асабіста я ішоў у парламент не ад партыі, а
менавіта ад выбарчай акругі. Кожны месяц я сустракаюся з выбаршчыкамі, наведваю
працоўныя калектывы. Да мяне можна прыйсці на прыём, можна накіраваць афіцыйны
зварот.
Тыя некалькі чалавек, якія кідаюць
вулічныя заклікі і бяруць на сябе ролю медыятараў паміж рознымі часткамі
грамадства, да мяне напрамую не звярталіся, каб, да прыкладу, правесці
грамадскую прыёмную і абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні. Я гатовы да дыялогу са
сваімі выбаршчыкамі, які б пункт погляду яны не мелі.
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

